На главную
Авторизация
 


Вспомнить пароль
Регистрация
Статьи
 
  • Современность (17)
  • XX век (12)
  • XIX век (4)
  • XVIII век (2)
  • XVII век (14)
  • XVI век (10)
  • XV век и ранее (17)
  • Нумизматика (20)
  • Клады (8)
  • Разное (22)
  • Инвестирование (3)
  • Нумизматический юмор (4)
  • Каталоги
     
    Республика Беларусь
     Памятные и юбилейные монеты (167)
    Великое Княжество Литовское
     Александр Ягеллончик (1492-1506) (10)
    Опрос
     
    Что по Вашему мнению перспективнее, выгоднее и надежнее для инвестирования и сбережения денег?

    Рублевые депозиты в банках
    Валютные сбережения/Депозиты
    Коллекционные монеты популярных серий и мелких тиражей
    Инвестиционные монеты
    Другое (обязательно написать что)

    Курсы валют
    Динамика золота
    Статьи

    Гербы Калоны i Падвойны Крыж:

    праблема узнiкнення i выкарыстання на працягу гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага

    (версія артыкулу, прадстаўленая аўтарам для публікацыі на партале ІЗРОЙ).

     

    Аляксандр Грамыка

     

    In the article “Coats of arms “Columns” and “Double Cross”. The problem of their origin usage during the history of Grand Duchy of Lithuania” Alaxandr Hramyka makes doubtful the traditional statement, that the coat of arms “Columns” is the coat of arms Gedimin dynasty – the dynasty of GDL grand dukes. The author concluds that the  coat of arms “Columns” was appeared as the personal coat of arms of Grand Lithuanian duke Vitaut the Great at the end of 14-th century. This coat of arms becomes the Land arm of historical Bielarussian province “Litva” (Lithuania) after his death. (Contemporary Lithuania state, originally Żamojć (Samogitia), used the coat of arms “Raising bear”.) The coat of arms “Double Cross” was appeared as the private coat of arms of Grand duke of Lithuania  and king of Poland Yagayla in 1386 – later became the coat of arms of Yagellons dynasty and the integral part of State Emblem of GDL “Pagonia”.

     

    Бадай што самымi вядомымi з гербаў Вялiкага Княства Лiтоўскага, акрамя Пагонi, зяўляюцца гербы Калоны (Калюмны) i Падвойны Крыж, якi часам называюць Гонча. Паводле сучаснай гiстарыяграфii Калоны, або Слупы – гэта родавы герб Гедзiмiнавiчаў, у тым лiку i Ягайлавiчаў, як адгалiнавання гэтага роду, а Падвойны Крыж - элемент герба Пагоня, якая нiбыта i ўзнiкла адразу з гэтым сiмвалам у канцы XIIIст. Аж дагэтуль такiя сцвярджэннi ўспрымаюцца як гiстарычны факт, якi не патрабуе доказаў. А цi было так на самой справе? Шэраг матэрыялаў геральдыкi, сфрагiстыкi i нумiзматыкi XIVXVIcтст. прымушае перагледзець традыцыйны пункт гледжання на гэтае пытанне.

     

    Герб Калоны ( Калюмны, Слупы )

     

    Паводле легенды складзенай у XVIст. герб Калоны прывёз з сабою з Рыма Палемон, iм карысталiся яго “нашчадкi” —  лiтоўскi княскi род  Калонаў (Калюмнаў)¹, з якога паходзiць князь Гедзiмiн,  а ад яго ўсе наступныя Вялiкiя Лiтоўскiя князi, у тым лiку Кейстутавiчы i Ягайлавiчы, якiя правiлi Вялiкiм Княствам да 1572г. У сучаснай Беларускай гiстарыяграфii “Рымскае” паходжанне Вялiкiх князёў Лiтоўскiх цалкам адрынута i разглядаецца як мiф, а вось герб Калоны , без дастатковых на тое падстаў, усё ж застаўся як герб роду Гедзiмiнавiчаў. Лiчыцца, што Калоны паходзяць ад тамгi (дагеральдычнага сiмвала) Вялiкага князя Гедзiмiна. Па iншай, не менш афiцыйнай версii, гэта геральдычны сiмвал Полацкага княства, якое ў 1386г. перастала быць удзельным i ўвайшло непасрэдпа ў ВКЛ. Герб зямлi з такiм высокiм статусам выкарыстоўваўся поруч з Пагоняй, якая ўвасабляла  Лiтву, а Калоны — Русь².

    Калi ўлiчыць, што Калоны з’яўляюцца родавым гербам Гедзiмiнавiчаў, то лагiчна, што сам Гедзiмiн i ўсе яго нашчадкi, а iх вельмi шмат, павiнны былi карыстацца менавiта гэтым гербам. Перш за ўсё тут трэба разгледзець сфрагiстычныя матэрыялы, якiя ў адрозненнi ад нумiзматычных нясуць iмя ўладальнiка i часта можна ведаць дакладную дату, калi тая цi iншая пячатка была прыкладзена да дакумента, што дазваляе больш аб’ектыўна iх прааналiзаваць. Вядома пячатка самога Вялiкага князя Лiтоўскага Гедзiмiна (1316 – 1341гг.)³ (мал. 1.), на якой выява вершнiка на канi, якi трымае кап’ё i тарчу. Няма таксама Калонаў i на пячатках яго сыноў. Напрыклад, Глеб Нарымонт, князь Полацкi карыстаўся пячаткай з выявай Св.Глеба на канi (мал. 2.), князь Троцкi Кейстут – пячаткамi з выявай збройнага пешага рыцара з мечам i павезаю (мал. 3.), Вялiкi князь Альгерд – пячаткай са знакам у выглядзе стралы з гротамi на абодвух яе канцах, па сярэдзiне якая перасечана гарызантальнай лiнiяй (мал. 4.). Польскi даследчык M.Гумоўскi таксама апiсвае пячатку Альгерда 1366г. з выявай герба Пагоня. На пячатцы Аляксандра Карыятавiча выява Св.Юрыя на канi, пад нагамi якога цмок; Дзмiтрый Карыбут карыстаўся пячаткай з выявай Св.Дзмiтрыя з дзiдай на канi (мал. 5.), яго сын Жыгiмонт - гербам Пагоня, як i Сямён Лугвен Альгердавiч (мал. 6.). Пагоняй карысталiся таксама нашчадкi Нарымонта Гедзiмiнавiча, як напрыклад князь Пiнскi Аляксандр Нос. Вялiкi князь Лiтоўскi i кароль Польскi Ягайла Альгердавiч меў пячатку з гербам Пагоня, а з 1386г. уласны герб Падвойны крыж. I гэты далёка не поўны спiс якi можна  пряцягваць i далей. Фактычна адзiным князем, якi даставерна карыстаўся Калонамi, застаецца Вялiкi князь Вiтаўт.

    Герб Калоны ўпершыню з’яўляецца не раней за 1386г. на пячатках i манетах Вiтаўта. Вядома найбольш ранняя пячатка Вiтаўта 1379г. (мал. 7.), на якой выява пешага рыцара з мечам i павезаю як i на пячатцы яго бацькi князя Троцкага Кейстута. На другой пячатцы Вiтаўта 1385г. выява герба Пагоня, на якой вершнiк зусiм ня мае тарчы (мал. 8.), якая была зроблена па ўзору вялiкакняскай пячаткi Ягайлы 1377 – 1386 гг. i адрознiваецца толькi легендай, у якой Вiтаўт названы князем Троцкiм. З 1386г. Ягайла пачынае карыстацца Пагоняй, на якой вершнiк трымае тарчу з яго асабiстым гербам Падвойным крыжам, у процiвагу якому Вiтаўт на тарчы вершнiка змяшчае свой уласны герб Калоны, як напрыклад на пячатцы 1390-х гг (мал. 9.). Герб Калоны, як элемент Пагонi, прысутнiчае i на малой пячатцы Вiтаўта 1404г. (мал. 10.), а вось на вялiкай маестатнай (троннай) пячатцы 1407 – 1430 гг. вершнiк на Пагонi зусiм ня мае тарчы. Дарэчы, з’ява вельмi распаўсюджаная ў Еўрапейскай геральдыцы, калi да дзяржаўнага герба дадаецца асабiсты герб валадара. Дастаткова ўзгадаць напрыклад тую ж Польшчу, дзе на персях арла размяшчалася шыльда з гербам караля, а калi браць XIII XIVстст., то часта герб дзяржаўны размяшчаўся на тарчы вершнiка на канi, якi ўвасабляў караля цi князя, i часта вельмi нагадвае Лiтоўскую Пагоню, як напрыклад на пячатцы 1289г. Эрыка Магнусана караля Нарвегii (мал. 11.), цi на польскай пячатцы  Казiмiра Апольскага 1222г. (мал. 12.).

    Калоны прысутнiчаюць на ўсiх манетах з часоў Вiтаўта Вялiкага. У канцы XIV ст. Вiтаўт чаканiць пенязi з Калонамi на адным баку i гротам кап’я i крыжам на другiм (мал. 13.). Лiчыцца, што гэта найбольш раннiя манеты з выявай Калонаў, якiя Вiтаўт чаканiў хутчэй за ўсё памiж 1392 i 1401гг. Калонамi кантрамаркiраваны залатаардынскiя дзiрхемы канца XIVст., якiя абарачалiся ў Вялiкiм Княстве пераважна на Ўкраiнскiх землях i былi роўныя ½ пражскага гроша (мал. 14.). Калоны таксама прысутнiчаюць на ўсiх пенязях, вычаканеных памiж 1401 i 1430гг., на адваротным баку якiх дзяржаўны герб Пагоня (мал. 15.), i на пенязях некаторых удзельных княстваў ВКЛ (мал. 16.).

    Геральдычны пласт Вялiкага Княства Лiтоўскага гэтага часу надзейна зафiксаваны i ў заходнееўрапейскiх гербарах пачатку XVст., такiх як “Codex Bergcshammar”, “Armorial Gymnich (Lyncenich)” (мал. 17.), дзе маюцца каляровыя выявы не толькi дзяржаўнага герба ВКЛ Пагонi, але i гербы некаторых земляў ВКЛ, а таксама гербы уладароў: Ягайлы – падвойны залаты крыж у блакiтным полi i Вiтаўта – залатыя Калоны ў чырвоным полi. Цiкава, што Калоны прысутнiчаюць ня толькi на тарчы вершнiка з Пагонi, а i на тарчы капiйнiка з герба Троцкага ваяводства – дзедзiчнага ўладання Вiтаўта (мал. 18.). Паводле Польскага гiсторыка XVст. Яна Длугаша такiм знакам Вiтаўт клеймаваў сваiх коней, а ў час выправы на Грунвальд 1410г. дзесяць з сарака харугваў Вялiкага Княства Лiтоўскага мелi выяву Калонаў, якiя сучасныя даследчыкi лiчаць надворнымi харугвамi Вiтаўта.

    Пасля смерцi Вiтаўта  i прыходам да ўлады прадстаўнiка роду Альгердавiчаў Баляслава Свiдрыгайлы, Калоны разам з тарчай знiкаюць з Пагонi. У 1432г. вялiкакняскi трон заняў родны брат Вiтаўта Жыгiмонт. На ягоных пячатках Калоны з’яўляюцца толькi аднойчы – на малой вялiкакняскай пячатцы датаванай 1433г., на астатнiх жа дзвух, а гэта вялiкая маестатная 1432 – 1440гг. i малая княская 1411г. (мал. 37) пячаткi, Калонаў няма. Растлумачыць гэта можна выкарыстаннем адметных вiдаў Пагонi: “Ягелонскай” i “Вiтаўтавай”, а не тым, што Калоны ёсць таксама гербам Жыгiмонта. На малой пячатцы 1433г. выява менавiта такога варыянта “Вiтаўтавай” Пагонi (павернута ў левы геральдычны бок, рука з мечам за спiной вершнiка, на тарчы герб Калоны, у адрозненнi ад “Ягелонскай” цi “класiчнай” Пагонi, якая павернута ў правы геральдычны бок, рука з мечам перад вершнiкам, на тарчы падвойны крыж), Калоны на якой разглядалiся як яе неад’емная частка за сорак гадоў iх выкарыстання ў адным гербе. Такая ж сiтуацыя адбываецца пазней i з Падвойным Крыжам, якi за доўгi час выкарыстання страцiў першапачатковы сэнс як родавы герб Ягайлавiчаў i нязменна выкарыстоўваўся Вялiкiмi князямi з розных дынастый, стаўшы неад’емнай часткай герба Пагоня.

    З прыходам да ўлады Казiмiра Ягайлавiча, Калоны замацоўваюцца як зямельны герб уласна Лiтвы, касцяк якой складалi землi, што належалi Вiтаўту – гэта Троцкая, Гарадзенская i Берасцейская землi, якiя былi аб’яднаныя ў Троцкае ваяводства яшчэ ў 1413г., а таксама Вiленскае ваяводства з Наваградчынай (гэтыя землi мелi таксама i свае асобныя гербы). Трэба падкрэслiць, што Жамойць нiколi не ўваходзiла ў межы уласна Лiтвы i карысталася сваiм уласным гербам Мядзведзь.  Ад гэтага часу Калоны выкарыстоўваюцца менавiта як зямельны герб адной з найбольш важных земляў ВКЛ Лiтвы да канца XVIIIст.

    Герб Калоны, як i Падвойны Крыж, зноў з’яўляецца на манетах ВКЛ з 1535г. на грошах Жыгiмонта Старога (мал. 19.). Падвойны Крыж як элемент Пагонi, а Калюмны як самастойны геральдычна знак пад Пагоняй. У 1546 i 1547гг. Вiленскай мынцай адчаканены аболы (найменшы намiнал роўны ½ пенязя), на якiх прысутнiчае толькi герб Калоны без Пагонi (мал. 20.), якiя прызначалiся для абарачэння ў заходняй частцы ВКЛ, а менавiта ў Лiтве, для выкупу ў насельнiцтва нiзкапробных свiднiцкiх паўгрошаў, якiя запаланiлi мясцовыя рынкi. На двух i чатырохграшовiках, адчаканеных Жыгiмонтам Аўгустам, гербы Пагоня i Калюмны зпаходзяцца пад адной вялiкакняскай каронай (мал. 21.), а на лiтоўскiх грошах, адчаканеных на стапе польскай, Калоны знаходзяцца пад каралеўскай каронай побач з манаграмай SA (Sigismundus Augustus) (мал. 22.), што дало падставы некаторым даследчыкам сцвярджаць, нiбыта гэта родавы герб Ягайлавiчаў. Калi б гэта было так, то Калоны павiнны былi прысутнiчаць i на польскiх манетах i пячатках тых жа Ягайлавiчаў, але ў Польшчы гэты герб зусiм не сустракаецца нi ў якiя часы, i зразумела чаму, бо ён ня мае анiякага дачынення нi да Польшчы, нi да Ягайлавiчаў, таму што гэта герб адной з земляў ВКЛ. Традыцыя змяшчаць гербы найбольш важных земляў дзяржавы на манетах вельмi распаўсюджана ў заходняй i цэнтральнай Еўропе, у тым лiку i ў суседняй Польшчы. Ня стала выключэннем i Вялiкае Княства Лiтоўскае. Больш таго, усе манеты, на якiх прысутнiчае герб Калоны, адчаканеныя ў Вiльнi cталiцы ня толькi ВКЛ, але i ўласна Лiтвы, таму i нясуць перш за ўсё гэты герб. Што да грошаў на стапе польскай, то яны чаканiлiся не толькi ў Вiльнi, а таксама ў Тыкоцiне ў 1566г. (мал. 23.), якi знаходзiцца па-за межамi ўласна Лiтвы. Цiкава тое, што пад каронай разам з каралеўскай манаграмай SA на гэтых манетах знаходзiцца герб Ястрабец (падкова рагамi да гары, памiж якiмi крыж). Калi падпарадкоўвацца гэтай логiцы, то герб Ястрабец таксама павiнен быць родавым гербам Ягайлавiчаў! Зразумела гэта ня так, што ёсць яшчэ адным доказам таго, што Калоны – гэта таксама не дынастычны, а толькi зямельны герб. (Ястрабец у дадзеным выпадку – герб дзяржаўцы Тыкоцiнскай мынцы С. Мышкоўскага.)

    Вядома, што Вiленскае ваяводства карысталася харугвай чырвонага колеру, на адным баку якой была выява Пагонi у белым полi, а на адваротным Калоны (мал. 24.), якiя сiмвалiзавалi Лiтву са сталiцай у Вiльнi. Менавiта Калонамi клеймавалi Вiленскiя злотнiкi свае ювелiрныя вырабы ў XVIIст.¹⁰.

    Калоны прысутнiчаюць на шэрагу пячатак ВКЛ. Так на дзвюх гарадскiх пячатках Берасця яны ў маленькай тарчы размешчаны над гарадскiм гербам, што падкрэслiвала прыналежнасць гэтага горада да Лiтвы, бо менавiта на Падляшша разам з Берасцейскай зямлёй прэтэндавала Польшча. Выразаныя гэтыя пячаткi адна ў канцы XV –  пачатку XVIст. (мал. 25.), а другая – у сярэдзiне XVIст. Адным з прамых доказаў таго, што Калоны – гэта замельны герб, ёсць вялiкая пячатка Стафана Батуры 1581г. (мал. 26.), на якой па цэнтру змешчаны дзяржаўны герб ВКЛ Пагоня, вакол якой шэсць гербаў, звязаных стужкай з надпiсамi на лацiнскай мове вакол кожнага. Уверсе тарча з аднагаловым арлом i надпiс POLO (польскi), на другiм месцы тарча з Калонамi i надпiс TER. M.D.L. (зямля ВКЛ), каля трэцяга, з выявай “воўчых зубоў”, REGE (каралеўскi) – родавы герб Батуры. На астатнiх трох тарчах з выявай Арханёла Мiхала – герб Кiеўскага ваяводства, Валынскага крыжа i Жамойцкага мядзведзя таксама надпiсы TER. M.D.L. (зямля ВКЛ). Землi Кiеўская i Валынская пасля Люблiнскай вунii 1569г. адышлi да Кароны Польскай, а гербы iх прысутнiчаюць на пячатцы у знак iх традыцыйнай прыналежнасцi да ВКЛ i незадаволенасцю шляхты падзелам дзяржавы. Калоны разам з ваяводскiмi гербамi Вялiкага Княства нязменна выяўляюцца на ўсiх вялiкiх пячатках канцылярыi ВКЛ ад Стафана Батуры да Станiслава Аўгуста Панятоўскага¹¹.

    Пасля адмiнiстратыўна-тэрытарыяльнай рэформы 1565-66гг. i вунii 1569г. з Польшчай, Вялiкае Княства Лiтоўскае змянiла свае ня толькi знешнiя межы, але i ўнутраныя. Падляшша i ўсе Ўкраiнскiя землi адышлi да Польшчы, унутры дзяржавы створаны новыя ваяводствы: Берасцейскае, Менскае i Мсцiслаўскае. Не пазбегла гэтых працэсаў i ўласна Лiтва, якая “сцiснулася” да межаў двух ваяводстваў – Вiленскага i Троцкага, у межах якiх i праiснавала да канца XVIIIст. пад гербам Калоны.

    Узнiкае пытанне: а адкуль узяўся гэты герб, i чаму менавiта iм пачаў карыстацца Вялiкi князь Вiтаўт? На жаль, дакладна адказаць на гэтае пытанне немагчыма.

    Паводле легенды XVIст. герб Калоны прывёз з Рыма Палемон, “нашчадкi” якога княжылi ў Жамойцi. Наогул у XVIст. з падачы жамойцкiх феадалаў, i ў першую чаргу Гедройцаў, свядома скажалася палiтычная гiсторыя ВКЛ, дзе галоўная роля ва ўтварэннi дзяржавы адводзiлася менавiта жамоцкай знацi. Гэтаму спрыяла палiтычная сiтуацыя ў дзяржаве ў пачатку XVIст., калi пасля разгрому Крыжацкага ордэну Жамойць пазбавiлася пагрозы з боку крыжакоў, а ўласна Беларускiя землi вельмi цярпелi ад пастаянных войнаў з Масковiяй, што аслабляла пазiцыi магнатаў з Беларускiх земляў. Усё, што мела якое-небудзь дачыненне да Жамойцi ўзвышалася i гэтаму прыдавалася адценне “лацiнскасцi” згодна з мiфам аб “рымскiм” паходжаннi. Тым больш не пазбегнуў гэтага i герб Вiтаўта Калоны або “Калюмны” (ад лацiн. Columna cлуп), бацька якога Кейстут у сваёй палiтыцы кiраваўся пераважна iнтарэсамi жамойцкай знацi. Лацiнiзаваную назву меў герб Жамойцi Мядзведзь або Урсiн¹² (ад лацiн. Ursus – мядзведзь), герб Кiтаўрус (Кентаўр, Гiпацэнтаўр), якiм карыстаўся княскi род Гедройцаў, а таксама лiтоўскi княскi род Гальшанскiх. Пра герб Кiтаўрус iснуе легенда, складзеная таксама ў XVIст., паводле якой герб гэты належаў Даўспрунку, якi, ратуючыся ад рымскага iмператара Нерона, з Палемонам i iншымi прадстаўнiкамi рымскай знацi перасялiўся з Iталii ў Жамойць. Нашчадкам Даўспрунка лiчыўся Вялiкi князь Трайдзень, ад якога пайшла дынастыя Кiтаўрусаў, з якой выводзiлi свой радавод Гедройцы. Паводле гэтага мiфа князь Нарымонт з роду Кiтаўрусаў быў Вялiкiм князем Лiтоўскiм, ён адмовiўся ад уласнага герба Кiтаўрус i прыняў Пагоню, якая стала гербам ВКЛ¹³. Цiкава тое, што нi Пагоня, нi Падвойны Крыж Ягайлы, якiя ня мелi анiякага дачынення да Жамойцi, ня маюць лацiнамоўных адпаведнiкаў. Нягледзячы на гэта ўсё ж спроба прыпiсаць стварэнне герба Пагоня жамойцкай знацi яўна прасочваецца, але нават i ў XVIст. была вiдавочна ўcя “ня рымскасць” гэтага ciмвала, яго яўнае не жамойцкае паходжанне, якое цяжка было iгнараваць.

    Найбольш праўдападобнай з усiх падаецца версiя паходжання Калонаў ад “трызубцаў” Рурыкавiчаў, якiя i сапраўды вельмi падобныя да iх. Асаблiва Калоны падобныя да княскiх знакаў з полацкай дынастыi Рагвалодавiчаў. Вядома некалькi пячатак Рагвалодавiчаў, на якiх прысутнiчаюць падобныя знакi, але найбольш паказальнымi ёсць два сярэднявечныя сыгнеты з кiрылiчным надпiсам “князь Усяслаў” (мал. 27.), якiя часта прыпiсваюцца князю Полацкаму Усяславу Брачыславiчу Чарадзею, на якiх княскiя знакi амаль iдэнтычныя Калонам.

    Застаецца пытанне: чаму Вiтаўт абраў менавiта гэты сiмвал за ўласны герб? Як ужо сказана вышэй, Калоны ня маюць анiякага дачынення нi да Гедзiмiна, нi да яго нашчадкаў, ва ўсякiм разе рэальных фактаў, якiя б сведчылi адваротнае проста няма. Выказвалася меркаванне, што Калоны ёсць гербам Полацкага княства. Дарэчы iдэя таго, што Калоны могуць зьяўляцца гербам княства, якое папярэдне належала Рурыкавiчам, здаецца даволi слушнай. Але толькi хутчэй за ўсё гэта сiмвал ня Полацкай зямлi, да якой Вiтаўт ня меў анiякага дачынення, а адной з яго дзедзiчных земляў – Гарадзенскай цi Берасцейскай (княства Троцкае мела герб з выявай пешага рыцара з мечам, а некалькi пазней з кап’ём i павезаю). Гэта тым больш верагодна таму, што гэтыя ўсе землi пасля забойства Кейстута ў 1382г. Ягайла аддаў свайму намеснiку ў ВКЛ брату Скiргайлу, якiмi ён валодаў да 1392г. Магчыма, Вiтаўт абраў за ўласны герб аднаго з гэтых княстваў, каб


    падкрэслiць свае спадчынныя правы на валоданне iмi.

    Ёсць яшчэ адна, малаверагодная на першы погляд версiя, паводле якой Калоны ёсць родавым знакам адной з жонак Вiтаўта. Вядома, напрыклад, што першай жонкай Вiтаўта была Марыя Лукомская з роду князёў Рагвалодавiчаў, якая памерла пры родах дачкi Соф’i ў 1376г., другой – дачка Смаленскага князя Святаслава Iванавiча Ганна¹⁴, род якiх як вядома паходзiць ад Рурыкавiчаў, з якой Вiтаўт ажанiўся ў 1377г.(памерла ў 1418г.). На колькi такое наогул магчыма? Як вядома дачка Вiтаўта Соф’я ў 1390г. выйшла замуж за Маскоўскага князя Васiля Дзмiтрыевiча, сына Дзмiтрыя Данскога. Захавалася пячатка Васiля, якой ён карыстаўся ў 1390-я гг. (мал. 28.), якраз пасля шлюбу з Соф’яй, на якой выява “Пагонi” адзiн да аднаго як на пячатцы Вiтаўта 1385г.! “Пагоня” сустракаецца i на некаторых манетах Васiля Васiлевiча, сына Васiля Дзмiтрыевiча, на адваротным баку якiх выява Св. Юрыя, якi забiвае дзiдай цмока – родавага герба князёў Маскоўскiх. Не выключана, што i Вiтаўт таксама мог стварыць свой уласны герб на аснове “трызубца” Рагвалодавiчаў, якi паходзiць ад адной з яго жонак, цi, магчыма, адной з зямель, якой ён валодаў. На жаль, вельмi скупыя дадзеныя аб паходжаннi герба Калоны не дазваляюць з поўнай упэўненасцю гэта сцвярджаць.

    Высновы:

    1. Герб Калоны найверагодна мае паходжанне ад “трызубцаў” Рурыкавiчаў, з якiмi мае пэўнае  падабенства.

    2. Герб Калоны не з’яўляецца родавым гербам Гедзiмiнавiчаў, цi яго адгалiнаванняў, як напрыклад Ягайлавiчаў, якiя карысталiся ўласным гербам Падвойны Крыж, а ёсць толькi асабiстым гербам князя Вiтаўта.

    3. Пасля смерцi Вiтаўта Калоны замацоўваюцца як зямельны герб уласна Лiтвы. Жамойць нiколi не ўваходзiла ў межы гiстарычнай вобласцi Лiтва.

     

    Герб Падвойны Крыж ( Гонча )

     

    У сучаснай Беларускай гiстарыяграфii герб Падвойны Крыж часта успрымаецца толькi як частка герба Пагоня, якая адразу ўзнiкла з гэтым сiмвалам на тарчы вершнiка недзе напрыканцы XIII ст. З гэтага i вынiкаюць самыя неверагодныя версii паходжання Падвойнага Крыжа, накшталт таго, што гэта сiмвал паганскага бога Ярылы¹⁵, цi трансфармаваная шасцiпялёсткавая разетка Перуна¹⁶, цi наогул мае рунiчнае паходжанне¹⁷. Сапраўднае ж значэнне гэтага сiмвала – герб роду Ягайлавiчаў, якiм пачаў карыстацца Ягайла з 1386г., а потым i яго нашчадкi.

    Упершыню Падвойны Крыж з’яўляецца на манетах i пячатках Ягайлы у 1386г., да гэтага часу Падвойны Крыж, дарэчы як i герб Калоны, наогул не сустракаецца на пячатках i манетах князёў Лiтоўскiх, нават на тых, дзе ёсць герб Пагоня. Вядома вялiкакняская пячатка Ягайлы 1377 – 1386гг. (мал. 31.), на якой выява Пагонi павернута ў левы геральдычны бок, дзе вершнiк трымае толькi меч без тарчы. Падвойны крыж з’яўляецца на манетах i пячатках Ягайлы  толькi пасля яго абрання  каралём Польскiм у 1386г. Ад гэтага часу ён пачынае карыстацца Пагоняй, якая павернута ў правы геральдычны бок, якi лiчыцца больш правiльным па законах Заходнееўрапейскай геральдыкi, дзе вершнiк трымае тарчу з падвойным крыжам, як напрыклад на пячатцы 1388г. (мал. 32.), цi на каралеўскай маестатнай пячатцы таго ж году (мал. 33.). Як асобны герб, Падвойны Крыж прысутнiчае на польскiх пячатках пачынаючы з 1413г., дзе ён вынесены у асобную тарчу над дзяржаўным гербам. Падобнай пячаткай, акрамя Уладзiслава Ягайлы, карыстаўся кароль Польскi i Вугорскi Уладзiслаў III Ягайлавiч (1434 – 1447гг.), а таксама кароль Польскi (1447 – 1492гг.) i Вялiкi князь Лiтоўскi (1440 – 1492гг.) Казiмiр Ягайлавiч (мал. 34.). Толькi пасля смерцi Казiмiра (дарэчы тарч з гэтым гербам прысутнiчае i на яго надмагiллi) як другi герб Ягайлавiчаў усё больш шырока пачынае выкарыстоўвацца аднагаловы арол, а Падвойны Крыж, як асобны герб, больш не сустракаецца на пячатках i застаецца толькi як частка герба Пагоня. Але сустракаюцца варыянты Пагонi зусiм бяз тарчы, як напрыклад пячатка Вялiкага князя Аляксандра 1501г., а таксама манеты ВКЛ, чаканеныя з 1492г. па 1529г., дзе вершнiк у гатычным рыштунку, згодна з панаваўшым у гэты час гатычным стылем у мастацтве. Справа ў тым, што гатычны даспех, у якi апрануты рыцар, поўнасцю пакрывае чалавека такiм чынам, што тарча проста не патрэбна. Такiм чынам гэта проста мастацкiя асаблiвасцi выканання штэмпеляў гэтага часу.  Але, напрыклад, на малюнках i гравюрах з часоў Аляксандра вершнiк трымае тарчу з падвойным залатым крыжам у блакiтным полi – родавым гербам Ягайлавiчаў. Як асобны,  гэты герб прысутнiчае на накладцы з аправы кнiгi канца XVст. караля Польскага Яна Альбрэхта Казiмiравiча з гербамi Польскага Каралеўства, Вялiкага Княства Лiтоўскага, Ягайлавiчаў i Габсбургаў (мал. 35.).

    Трэба адзначыць, што з прыходам да ўлады у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм князя Вiтаўта ў 1392г., Падвойны Крыж знiкае з Пагонi, на месца якога становiцца асабiсты герб Вiтаўта Калоны. Няма Падвойнага Крыжа, як i Калонаў, i на пячатках Вялiкiх князёў Лiтоўскiх Баляслава Свiдрыгайлы (1430 – 1432гг.) (мал. 36.) i Жыгiмонта Кейстутавiча (1432 – 1440гг.) (мал. 37.), што цалкам зразумела, бо нi адзiн, нi другi не былi нашчадкамi нi Ягайлы, нi Вiтаўта i не маглi карыстацца iх гербамi. Падвойны Крыж вяртаецца на тарчу вершнiка з Пагонi толькi з каранаваннем на Вялiкага князя Лiтоўскага прадстаўнiка роду Ягелонаў Казiмiра Ягайлавiча. Ад гэтага часу ён становiцца неад’емнай часткай герба Пагоня.

    Герб Ягайлы – падвойны залаты крыж у блакiтным полi, зафiксаваны у цэлым шэрагу Заходнееўрапейскiх гербараў канца XIV пачатку XVстст. , такiх як “Armorial Gelre”, “Гербар Залатога Руна”, “Codex Bergshammar”, “Armorial Gymnich (Lyncenich)”¹⁸ (мал. 17.), дзе ў апошнiх двух прысутнiчае таксама герб Вiтаўта Калоны i гербы некаторых земляў ВКЛ.

    Падвойны Крыж як асобны герб прысутнiчае на польскiх пенязях 1386 – 1393гг (мал. 38.). i тэрнарыях 1393 – 1414гг. (мал. 39.), а таксама на лiтоўскiх пенязях, чаканеных Ягайлам памiж 1386 i 1392гг. (мал. 40.), дзе з аднаго боку выява тарчы з Падвойным Крыжам i па колу надпiс кiрылiчнымi лiтарамi, якi чытаецца як П[ЕЧАТЬ] КNЯЗЬ IАГА[ИЛО], гербам Пагоня i такiм жа надпiсам з другога боку¹⁹. Таксама Падвойны Крыж прысутнiчае на шэрагу польскiх манет, чаканеных Ягайлавiчамi: пенязях караля Уладзiслава III Ягайлавiча (мал. 41.), на торуньскiх брактэатах i шэлягах Казiмiра Ягайлавiча (мал. 42.), тэрнарыях Жыгiмонта Старога, чаканеных у 1527-1529 i 1546гг (мал. 43.). На манетах ВКЛ Падвойны Крыж зноў зьяўляецца з 1535г. (мал. 19.) выключна як неад’емная частка Пагонi. У гэтай якасцi ён прысутнiчае i на пячатках з выявай Пагонi. Цеснае i працяглае выкарыстанне гэтых двух сiмвалаў у адным гербе прывяло да таго, што нават пасля згасання дынастыi Ягайлавiчаў, менавiта такая Пагоня з Падвойным Крыжам стала ўспрымацца як “класiчны” герб Вялiкага Княства Лiтоўскага, якi ў такiм выглядзе працягвае жыць i цяпер.

    Застаецца праблема ўзнiкнення герба Падвойны Крыж. Сапраўды, чаму Ягайла абраў менавiта гэты сiмвал за свой уласны герб? На гэты конт ёсць некалькi меркаванняў.

    Паводле адной з версiй, каранi герба трэба шукаць у Вугоршчыне, гербам якой у XIVст. быў срэбны падвойны крыж у чырвоным полi, якi стаiць на трох зялёных халмах (мал. 44.). Паходзiць гэты герб з Вiзантыi i апынуўся на Вугорскiх землях у канцы XIIст. Ягайла пасля абрання на Польскi каралеўскi трон, у пачатку 1386г. узяў шлюб з Польскай каралевай  Ядзвiгай, дачкой караля Людвiка Вугорскага. Таму, магчыма, i стварыў свой уласны герб на ўзор Вугорскага.

    Па другой версii, Ягайла стварыў свой герб у гонар хрышчэння ў каталiцкую веру ў пачатку 1386г., каб падкрэслiць, што зьяўляецца хрысцiянскiм уладаром. У Заходняй Еўропе Вялiкае Княства Лiтоўскае ўспрымалася як паганская дзяржава, i каб паказаць намер хрысцiць язычнiцкiя землi ў каталiцкую веру i хрысцiянскi характар дзяржавы, герб Ягайлы Падвойны Крыж зьяўляецца на тарчы вершнiка на  дзяржаўным гербе ВКЛ Пагонi. Тым больш гэта спрыяла аўтарытэту не толькi Ягайлы, але i ўсяго Вялiкага Княства сярод Еўрапейскiх дзяржаў i здымала фармальныя падставы для крыжовых  паходаў на ВКЛ з мэтай хрышчэння язычнiкаў.

    Ёсць яшчэ версiя, паводле якой падвойны крыж зьяўляўся сiмвалам Полацкага княства да 1387г., якiм валодаў Андрэй Полацкi. Справа ў тым, што Вялiкi князь Лiтоўскi Альгерд пакiнуў усё ягонае гаспадарства свайму старэйшаму сыну ад другога шлюбу з Ульянай Цвярской Ягайлу, акрамя Полацкага княства, якое пакiнуў свайму старэйшаму сыну ад першага шлюбу з Марыяй Вiцебскай Андрэю. Адразу пасля смерцi Альгерда памiж братамi разгарэлася жорсткая барацьба, якую распачаў Ягайла, якi не жадаў мiрыцца з тым, што адна з галоўных земляў Вялiкага Княства не належыць яму. Больш таго, Андрэй i ня думаў падпарадкоўвацца свайму малодшаму брату i нават у 1385г. уступiў у саюз з Лiвонскiмi крыжакамi, паабяцаўшы стаць iх васалам, каб абаранiць незалежнасць Полацкага княства ад Ягайлы. Пасля працяглай i крывапралiтнай барацьбы памiж братамi, асаблiва ў 1386г., перамагае Ягайла i садзiць у пачатку 1387г. сваiм намеснiкам у Полацку брата Скiргайлу²⁰.

    Ягайла мог узяць за ўласны, герб аднаго з найзначнейшых княстваў ВКЛ, каб прадэманстраваць, што ўсе землi Вялiкага Княства належаць толькi яму. Як мы ведаем, шасцiканцовы крыж быў характэрны менавiта для Полацкага княства, якi, дарэчы, як i Вугорскi, мае Вiзантыйскае паходжанне. Дастаткова ўзгадаць крыж Ефрасiнi Полацкай (мал. 45.) цi Рагвалодавы камянi (мал. 46.), дзе быў выбiты менавiта шасцiканцовы крыж.  Такi ж крыж сустракаецца i на некаторых пячатках Полацкага перыяду, знойдзеных на Беларускiх землях, як напрыклад на “буле”, знойдзенай у Ваўкавыску, з выявай св. Сямёна на адным баку i Падвойным Крыжам на другiм (мал. 47.). Мяркуецца, што гэтая пячатка належала Полацкаму япiскапу Сямёну (XIIIст.) ²¹. Дзве пячаткi гэтага ж тыпу, таксама з Падвойным Крыжам, знойдзены у Смаленску. Адразу некалькi такiх жа крыжоў рознага памеру выбiты на плiтцы з пясчанiку, знойдзенай пад час раскопак у царкве Дабравешчання XIIст. у Вiцебску.

    Як мы бачым, усе гэтыя падзеi адбылiся ў 1386г., з гэтага ж года ўпершыню i з’яўляецца герб Ягайлы Падвойны Крыж. Магчыма, што не якая-небудзь адна, а ўсе гэтыя падзеi разам, у большай цi меншай ступенi, паўплывалi на стварэнне гэтага герба i абраннем яго Вялiкiм князем  Лiтоўскiм i каралём Польскiм Уладзiславам Ягайлам за ўласны. 

    Высновы:

    1. Герб Падвойны Крыж узнiк у 1386г. як асабiсты  герб Ягайлы пад уплывам шэрагу фактараў, адным з якiх была шырокая распаўсюджанасць гэтага сiмвала ў Полацкiм княстве.У пачатку XVст. становiцца родавым гербам Ягайлавiчаў, а герб Калоны, да якiх яны ня маюць анiякага дачынення, ёсць асабiстым гербам Вiтаўта, якi пасля  яго смерцi cтановiцца гербам гiстарычнай вобласцi ВКЛ Лiтва.

    2. Як герб Ягайлавiчаў, Падвойны Крыж прысутнiчае на тарчы вершнiка на дзяржаўным гербе ВКЛ Пагоня (за выняткам 1392 – 1440гг., калi  Ягайлавiчы не былi Вялiкiмi князямi ВКЛ). Пасля згасання дынастыi Ягайлавiчаў, Падвойны Крыж застаецца як неад’емная частка герба Пагоня, нават па сённяшнi час.

     

    ¹ Вяроўкiн-Шэлюта Ул. Калюмны .//  ЭГБ Т.4 1997. с.38

    ²  Тамсама с.38

    ³ 100 пытанняў i адказаў з гiсторыi Беларусi. Мн., 1993. с. 29

    4 Gumowski M. Pięczecie Książat Litewskich. Ateneum Wileńskie. Rocznik VII. W. 1930. s. 709 – 710.

    Józef Szymański. Herbarz średniowiecznego rycerstwa polskiego, Warszawa 1993. s. 15

    А. Цiтоў. Сфрагiстыка i геральдыка Беларусi. Мн. 1999 с.142

    Рябцевич В. Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995 с. 170, 176, 408

    Г. Пiхура. Грошы Вялiкага Княства Лiтоўскага. // Cпадчына №5-6 2000 с.54

    Басаў А., Куркоў I.Флагi Беларусi ўчора i сёння. Мн., 1994 с.16

    ¹⁰ Л. Калядзiнскi, I. Ванчук. Ювелiрная справа // ЭГБ Т.6 II c.274

    ¹¹ А. Цiтоў. Пячаткi старажытнай Беларусi. Мн., 1993 с.128-155

    ¹² А. Цiтоў. Сфрагiстыка i геральдыка Беларусi. с.91

    ¹³  В. Пазднякоў. Кiтаўрас. // ЭГБ Т.4 с.187

    ¹4 В. Чаропка. Iмя ў летапiсе. Мн., 2003. с. 311

    ¹⁵ Зайкоўскi Э. Сакральныя вытокi герба Пагоня. // “Пагоня” ў сэрцы тваiм iмаiм. Мн., 1995 с.85-92

    Зайкоўскi Э. Крыж геральдычны. // ЭГБ Т.4 с.272

    ¹⁶ Ленец Я. Зэўс – прататып вершнiка з Пагонi? // Спадчына №1 1993 с.60

    ¹⁷ Лявон Галяк. Аб паходжаннi Вялiкiх князёў Лiтоўскiх.// Спадчына №6 1993 с.61

    ¹⁸ Józef Szymański. Herbarz średniowiecznego rycerstwa polskiego, Warszawa 1993. s. 15

    ¹⁹ S. Sajauskas, D. Kaubrys. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės numizmatika. Vilnius 1993. s.  29

    ²⁰ Мiкола Ермаловiч. Беларуская дзяржава Вялiкае Княства Лiтоўскае. Мн. 2000. с. 224 – 227

    ²¹ Анатоль Цiтоў. Пячаткi старажытнай Беларусi. Мн. 1993. с.29 – 30     

      ГЕНЕРАЛЬНЫЙ ПАРТНЁР
    ОО 'БЕЛОРУССКОЕ НУМИЗМАТИЧЕСКОЕ ОБЩЕСТВО'
     
    Каталог TUT.BY Rambler's Top100 Русская монета | top 100 Яндекс цитирования